Ярка і запамінальна прайшоў у нашай школе традыцыйны Дзень роднай мовы. У гэтым годзе ён праходзіў пад дэвізам ”Калі крылаў няма – не ўзляціць увысь бусел, калі мовы няма – няма нас – беларусаў”.
21 лютага – Дзень роднай мовы
Ярка і запамінальна прайшоў у нашай школе традыцыйны Дзень роднай мовы. У гэтым годзе ён праходзіў пад дэвізам ”Калі крылаў няма – не ўзляціць увысь бусел, калі мовы няма – няма нас – беларусаў”.
Напярэдадні настаўнікі беларускай мовы раздрукавалі і размясцілі на стэндзе разнастайную інфармацыю пад назвай “Куточак роднай мовы”. На другім стэндзе вучні і настаўнікі маглі пазнаёміцца з цікавымі фактамі з гісторыі Свята і нашага Роднага краю.
У школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг “Чытай па-беларуску – паважай сваё” і прайшла акцыя “Добры ранак! Трымай абаранак. Вазьмі пачытаць беларускую кніжку – атрымаеш абаранак! ”
У фае школы традыцыйна была арганізавана “Музычная гасцёўня”. Дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі песнямі, паспяваць караоке. Тут жа непадалёку можна было прызнацца ў любові да Роднай мовы і Роднага краю, прыняўшы ўдзел у конкурсе сэлфі “Я люблю родную мову”.
Для вучняў першых і другіх класаў, якія ў гэты час аздараўляліся ў прышкольным лагеры “Родничок”, быў арганізаваны прагляд мультстужак “Лагодны воўк”, “Мядзведзік-фантазік”, “Піліпка” і “Палінка”. Гэта іх першыя крокі да роднай мовы.
А найбольш запамінальнай была сустрэча з любімымі Бабуляй і Дзядулем, якія ўжо другі год запар “запрашаюць да сябе ў госці” ўсіх вучняў нашай школы. У гэтым годзе яны прапаноўвалі сваім маленькім сябрам:
" Усміхніся, павітайся па-беларуску і атрымай…” І кожны, хто прывітаўся, атрымаў смачную цукерку.
Нам, беларусам, многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Паводле даследаванняў ЮНЭСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная… Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.
Каб любіць наш родны край,
Сваёй мовы не кідай.
Моц і годнасць у ёй – словы,
Усіх вітайце на роднай мове.